Меню
| ХК Динамо Минск
ХК Динамо Минск
Интервью 18 февраля 2016

«Байцоўскі ген» Мікіты Камарова

«Байцоўскі ген» разам з форвардам ХК «Дынама-Мінск» Мікітам Камаровым паглядзеў адзін з матчаў «зуброў», падчас якога хакеіст шчыра распавёў нам пра сваё новае захапленне тайскім боксам, растлумачыў, чаму імкнецца хаця б раз на тыдзень наведваць царкву і якую ролю ў яго лёсе адыгралі «Аднакласнікі». 

«Без падтрымкі родных цяжка стаць прафесійным гульцом у хакей»

dinamo_junost_08.jpg

Мікіта, сёння мы з табою глядзім матч з трыбуны. Якія ўражанні?

- Сумна і крыху балюча. Заўсёды цяжка глядзець на матч сваёй каманды, калі ты з нейкіх прычынаў не бярэш удзелу ў ім. Але трэба ісці наперад.

Для многіх спартоўцаў псіхалагічны фактар перад стартам грае часам вырашальную ролю. А як ты настройваеш сябе перад важнай гульнёй?

- Страху няма. Але пакуль не выйдзеш на лёд, лёгкі мандраж адчуваеш. У нас, спартоўцаў, няма выбару: альбо ты баец і робіш усё, каб стаць найлепшым, альбо ломішся і сыходзіш. А характар можна па-рознаму загартоўваць. Апошнім часам я, напрыклад, упадабаў тайскі бокс. Калі выдаецца вольная хвілінка, адразу іду ў клуб «Чынук», дзе з задавальненнем баксірую. Так бы мовіць, выпускаю пар. У нас вельмі моцная школа тайскага бокса. Мне дужа даспадобы, як трэніруюцца і выступаюць тыя ж Чынгіз Алазаў ці Раман Крыкля.

А ў дзяцінстве часта даводзілася ў бойках загартоўваць характар?

- Я родам з Наваполацка, а гэта прамысловы горад з усімі наступствамі. Старэйшыя хлапцы часам ладзілі вулічныя баі, пра якія потым складалі гарадскія легенды. Але ў пару майго юнацтва ўжо ўсё спакойней было. І, па шчырасці, у мяне б не было і часу ў іх удзельнічаць, бо ўвесь быў у трэніроўках і зборах.

І як на цябе пры такім раскладзе рэагавалі суседскія хуліганы?

- У нас склалася вельмі добрая дваровая кампанія: мы былі не разлі вада. Хлопцы ганарыліся маімі спартовымі поспехамі, нават наведвалі матчы, дзе актыўна за мяне заўзелі.

У маім выпадку ўсё склалася па класічным спартовым сцэнарыі: аднойчы ў клас да нас завітаў трэнер, каб адабраць хлопцаў у секцыю хакея. У іх ліку аказаўся і я. Некалькі маіх аднакласнікаў на той час ужо займаліся хакеем. Бацькам я нічога не сказаў, бо яшчэ не вырашыў канчаткова, буду займацца ці не. Проста прыходзіў на трэніроўкі і сачыў за гульнёй. А потым, калі дома пра ўсё даведаліся, самыя мае блізкія людзі – маці, сястра і хросная матуля – пайшлі са мною на трэніроўку. Я надзеў канькі – і панеслася.

У часы СССР хакей дапамог выбіцца ў людзі многім хлопчыкам з простых сямей. Цяпер жа ў хакей звычайна аддаюць дзяцей досыць забяспечаныя сем’і, бо яны могуць сябе гэта дазволіць…

- А калі было лёгка? Можа, у 70-я гады сапраўды было крыху лягчэй. Але я на ўласным прыкладзе ведаю, што без падтрымкі родных цяжка стаць прафесійным гульцом у хакей і дайсці да пэўнага ўзроўню. Я з простай сям’і. Мае бацькі круціліся як маглі, каб забяспечыць мяне ўсёй неабходнай экіпіроўкай: і крыху сапсаваны інвентар ішоў у ход, і карыстаны. Паверце, у многіх так было. Хакей – гэта досыць стратны від спорту.

«Дзякуючы спартоўцам за мяжой усё радзей чуеш: “Бе-ла-русь? А што гэта і дзе?»

kuz_6104.jpg

Мікіта, многія вядомыя спартоўцы вельмі ганарацца сваімі каранямі і актыўна папулярызуюць беларускія традыцыі і мову. А як да гэтага ставішся ты?

- А як нармальны чалавек павінен ставіцца да сваіх традыцый? Зразумела, з павагай. У школе ўсе мае думкі, вольны час былі прысвечаныя спорту, таму, па шчырасці, я мала што памятаю з урокаў па гісторыі Беларусі…Тым не менш я ганаруся сваімі продкамі. І дзядуля, і бацька ў мяне з працоўных. Яны сапраўдныя мужчыны – майстры на ўсе рукі. А маці пайшла далей: вывучала наш радавод і нават склала генеалагічнае дрэва!

Настальгія па Радзіме – гэта не пустыя словы. Я шмат дзе пабываў і шмат чаго пабачыў. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца Чарнагорыя сваімі маляўнічымі краявідамі і маленькімі хатнімі рэстаранчыкамі. І вось стаіш сярод гэтага хараства і ловіш сябе на думцы, што цябе цягне ў пэўныя месцы, дарагія твайму сэрцу: у бабуліну вёску Воркавічы ці ў паляўнічыя ўгоддзі каля Полацка, дзе такія прыгожыя мясціны.

За апошнія гады мы зрабілі вялікі рывок па папулярызацыі ў свеце Беларусі як самабытнай і цікавай краіны. Значны ўнёсак у гэтую справу зрабілі гучныя перамогі нашых спартоўцаў. Дзякуючы гэтаму нашу краіну сталі часцей пазнаваць, і за мяжой усё радзей чуеш: «Бе-ла-русь? А што гэта і дзе?»

За апошнія некалькі гадоў адбыўся сапраўдны бум беларускіх вышыванак. Нацыянальныя ўзоры цяпер шырока выкарыстоўваюць пры вырабе не толькі вопраткі, але і розных сувеніраў і г. д. А адзін беларускі цырульнік нават выстрыгае іх на галовах сваіх кліентаў!

- Апошні варыянт прыкольны, але дакладна не для мяне. Гэта футбалісты могуць сабе такое дазволіць, а мы падчас гульняў носім шлем, які надзейна хавае любую, нават самую модную прычоску. Пакуль у мяне няма сваёй вышыванкі ці рэчаў з нацыянальным арнаментам, але калі нешта цікавае і арыгінальнае пабачу, абавязкова набуду.

За «зуброў» ужо даўно выступае шмат легіянераў, не гаворачы пра замежных спецыялістаў, якія з вамі працуюць. Ды і сам ты пэўны час выступаў за расійскія клубы. Чым, на тваю думку, беларусы адрозніваюцца ад іншых?

- Мы спагадлівыя і паважліва ставімся да іншых. Сапраўдны патрыёт – гэта той, хто са сваёй Бацькаўшчынай і ў горы, і ў радасці. Цяжка заставацца беларусам і прыносіць плён роднай краіне, жывучы ў Парыжы ці Сан-Францыска. Зразумела, заўсёды ёсць выключэнні. Але асабіста ў мяне больш павагі выклікаюць людзі, якія жывуць на сваёй зямлі. Як бы ім ні было часам складана і цяжка, яны цягнуць штодзённа гэтую лямку, бо любяць сваю краіну і хочуць змяніць яе да лепшага.

Пазнаёміліся з жонкай ў «Аднакласніках»

IMG_2155.jpg

Ты – сямейны чалавек: як і многія хакеісты, досыць рана пабраўся шлюбам. Спартоўцы наогул для многіх дзяўчат – запаведная мара, бо знакамітыя і шмат зарабляюць. Ці лёгка было сустрэць свайго чалавека і не памыліцца, калі дзяўчаты праяўляюць да цябе павышаную цікавасць?

- У спартовым асяроддзі цяжка знайсці сябе пару, бо ўсё ў зборах, раз’ездах. У нашай камандзе толькі ў аднаго хакеіста дзяўчына – прафесійная спартсменка. На маю думку, калі ў сям’і два чалавекі прафесійна займаюцца спортам – гэта ўжо перабор. Мая жонка Юлія – хатняя гаспадыня і цалкам прысвячае сябе сям’і і выхаванню нашай маленькай дачушкі. Пры гэтым яна – досыць актыўны чалавек. Ёй вельмі падабаецца ювелірная справа, асабліва дызайн. У будучыні, калі часу стане болей, яна хоча заняцца гэтым прафесійна. Пазнаёміліся мы з ёю дзякуючы «Аднакласнікам». У яе таксама прозвішча Камарова, таму пытання, ці браць маё, для яе не стаяла. У нас усё вельмі хутка адбылося. Я пабачыў яе профіль у сацсетцы, Юля мне вельмі спадабалася, і я напісаў ёй. Яна хутка мне адказала і прапанавала пагутарыць у скайпе. І калі выдаўся вольны час, я адразу паехаў да яе ў госці ў Маскву.

Цяпер Юля жыве з табою ў Мінску. Ці ўзнікалі цяжкасці з адаптацыяй да новага горада, краіны?

- Яна і цяпер часам сумуе па сваім горадзе, родных і сябрах. Але што ж зробіш, трэба прызвычайвацца. Я вельмі ўдзячны Юлі за гэта, бо не кожная жонка пагодзіцца кінуць усё і матляцца з дзіцем і мужам па розных гарадах і краінах, дзе яму даводзіцца працаваць. Але Мінск больш за ўсё падабаецца Юлі, бо тут шмат прыгожых старых будынкаў, цікавых музеяў. Ды і ўсе размаўляюць па-руску, таму адсутнічае моўны бар’ер.

Хто галоўны ў вашай сям’і?

- У нас раўнапраўе.

Якія сямейныя традыцыі ты перадасі ў спадчыну сваёй дачцэ?

- Ад выхавання шмат чаго залежыць. Таму я буду імкнуцца навучыць яе таму, чаму сам навучыўся ў сваёй сям’і. Мяне выхоўвалі ў строгасці і парадку. Чысціня была асаблівым пункцікам у нашай сям’і, таму я з маленства ведаў, што кожная рэч павінная знаходзіцца на сваім месцы. Нават сёння акуратна паводжу сябе ў распранальні (смяецца). А таксама буду ўласным прыкладам вучыць дачку жыць па сумленні, заўсёды заставацца спагадлівым, добрым чалавекам і дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Быць годным прыкладам для сваіх нашчадкаў – нялёгкая справа.

- Так, але ў сям’і нельга без духоўнасці. Калі здараецца бяда, то ўсе адразу пачынаюць пра Бога ўспамінаць, а дзе вы раней былі, калі дзякуючы Яго міласці жылі ў шчасці і радасці? Я веруючы чалавек і імкнуся жыць па Боскіх запаветах. Гэта я таксама вынес са сваёй сям’і. З дзяцінства разам з маці ездзіў у Полацк памаліцца Ефрасінні Полацкай, заўсёды рэгулярна наведвалі і службы ў царкве. А цяпер у мяне ледзьве атрымліваецца раз на тыдзень хадзіць у царкву праз шчыльны графік і маленькую дачушку, якая пакуль займае ўвесь наш вольны час. Вось падрасце, і будзем разам на службы хадзіць!

budzma.by

В этой статье Никита КомаровНикита Комаров
К списку новостей

Другие новости рубрики
Последние новости других рубрик
Регистрация

Динамо-Минск
У вас уже есть аккаунт? Войти
Авторизация
Восстановление пароля
Впервые на нашем сайте?Пройти регистрацию