У дзверы пакоя для заточкі канькоў, дзе мы гутарым з трэнерам-масажыстам хакейнай каманды «Дынама-Маладзечна» Віктарам Каранеўскім, перыядычна заглядваюць задаволеныя хакеісты, усміхаюцца і «троляць» свайго калегу.
– Віця, нешта пасля твайго масажу спіну зводзіць.
– Віця, я разагнуцца не магу, зрабіў дык зрабіў масаж.
– Не звяртайце ўвагі, – кажа Віктар, – гэта ў нас звычайная сітуацыя. Патроліць, пасмяяцца, «падчапіць» адзін аднаго. Мы ж вялікая сям’я, таму жарты ўспрымаем нармальна.
А крыўды здараюцца?
– Хакей – гульня эмацыйная, вострая. Але мы беражом адзін аднаго, пасля паразы ў нас больш церпіць мэбля. Тады ўсё ляціць у розныя бакі, а паміж сабой мірымся. Хакеісты, бывае, выказваюць прэтэнзіі адзін да аднаго. Але на стале масажыста не павінна быць ніякіх крыўдаў. Толькі масаж, толькі разагрэў, толькі аднаўленне.
Віктар Каранеўскі працуе з хакеістамі «Дынама-Маладзечна» з моманту стварэння каманды, ужо чатыры гады.
– Можна сказаць, збылася мая мара. Я заўсёды марыў быць звязаным са спортам. Спартсмена не атрымалася з мяне, затое масажыст, так.
Віктар расказвае пра сваю працу і перавязвае на запясцях эластычны бінт.
– Выдаткі прафесіі. Нас яшчэ ва ўніверсітэце папярэджвалі, што праз пяць гадоў практыкі так ці інакш масаж дасць адбітак. У кагосьці пачынаюць балець плечы, у некага ногі, а ў мяне вось запаляюцца запясці. Канешне, не проста масажыраваць хакеістаў. Вы ж бачыце, якія яны здаровыя. У хакеіста адна нага, як дзве ў нармальнага чалавека.
Масажыруе хакеістаў Віктар, як правіла, перад гульнёй, каб у спартсменаў разагрэліся мышцы.
– Але трэнер-масажыст не толькі займаецца непасрэдна масажам. Я яшчэ сачу за пітным рэжымам гульцоў, за падрыхтоўкай да гульні, да трэніровак. Аказваю першую дапамогу, бо хакей – гэта заўсёды ўдары, парэзы, вывіхі, рассячэнні. Аднаму шайба прыляцела, другі пальцы на руцэ зламаў. Прычым на трэніроўках траўмаў не меней, чым на гульнях.
Ёсць у камандзе «Дынама-Маладзечна» і «шчасліўчыкі», якім часцей за ўсё «прылятае».
– Напрыклад, Паша Печур, мы яго называем «жалезны чалавек». Мяркуйце самі. Гулялі мы, здаецца, з Салігорскам. Паша абараняў вароты, калі яму ў нагу трапіла шайба. Ён ад болю нават упаў на лёд і закрычаў. Але падняўся. І тут жа, у гэтае ж месца, зноў прылятае шайба. Але Паша дагуляў гульню. Прыходзіць да мяне на масаж пасля, а ў яго задняя паверхня сцягна ўся чорная. А пасля была гульня з мінскім «Юнацтвам». Нашы хакеісты на выездзе ў белай форме, гульню здымае тэлебачанне. І тут Пашу рассеклі падбародак. Кроў чырвонай манішкай залівае ўсю форму. Паша ідзе ў распранальню і просіць доктара заклеіць яму падбародак. Доктар нават больш на лёд Пашу выпускаць не хацеў. Але падбародак заклеілі, Паша мужна выйшаў на лёд і дагуляў тую гульню. «Жалезны чалавек», не іначай.
Форма ў хакеістаў такая, што адкрытай, бадай, толькі і застаецца ніжняя частка твару.
– Таму і церпяць сківіцы і падбародкі. Але як гуляць па-іншаму? Толькі ў форме кінолага, на якога сабакі нападаюць, каб ні адной не закрытай часткі цела не было?
Але, расказвае Віктар, хаця пра фірменныя ўсмешкі хакеістаў ведаюць усе, праблемы з зубамі далёка не самыя распаўсюджаныя.
– Многія хакеісты перад матчам проста выкручваюць свае штучныя зубы з дзясны. Гэта і больш бяспечна, і не так дорага, як пасля выпраўляць усмешку ў стаматолага. Адгуляюць і ўкручваюць назад.
Адна з цяжкасцяў у працы масажыста якраз і заключаецца ў тым, што да кожнага гульца павінны быць індывідуальны падыход.
– Яны ж усе траўмаваныя. Хтосьці больш, хтосьці менш, таму масаж трэба рабіць ведаючы, дзе што ў каго было пабітае або паламанае. Да таго ж, хтосьці любіць больш жорсткі масаж, каб іскры з вачэй сыпаліся, а для некага лёгкага сагравання перад гульнёй будзе дастаткова.
Перад гульнямі, кажа Віктар, у яго чарга ўсё ж не стаіць.
– Акрамя маіх рук, у нашых распранальнях ёсць спецыяльныя масажныя прыстасаванні. Хакеіст сам можа зрабіць сабе масаж або проста зрабіць расцяжку.
На пытанне, ці думаў Віктар пра тое, каб змяніць месца працы, ён катэгарычна адказаў:
– Ні разу за чатыры гады, ні адной хвіліны не думаў. Тут жа ўсё: і адрэналін, і азарт, і адчуванне сябе часткай нечага вялікага, агульнага. Я, акрамя таго, што падчас матчаў выконваю свае прафесійныя абавязкі, яшчэ перажываю за каманду. Шчыра радуюся яе перамогам. І вельмі шкадую, калі нехта з хлопцаў пераходзіць у іншую каманду. Бо тут да кожнага прырастаеш душой.
Крыніца: rh.by
Дмитрий Кравченко: бороться мы способны с каждым
Ярослав Чуприс: у «Динамо-Молодечно» есть две цели — воспитывать игроков и побеждать
Виталий Кирющенков: увидел военных с автоматами, танки, блокпосты - стало как-то не по себе
Дмитрий Кравченко: Белевич умеет нестандартно мыслить