Меню
| ХК Динамо Минск
ХК Динамо Минск
Матчи 7 января 2020

Крэйг Вудкрафт: «Хачу вярнуць пераможную культуру ў распранальню «Дынама»

Галоўны трэнер «зуброў» пракаментаваў вынiк гульнi з «Куньлунем».

– Віншую Курта і яго каманду з перамогай. Першы перыяд пачалі добра, выйшлі галоднымі і зараджанымі на гульню. Стартавая траціна прайшла на належным узроўні. Другі перыяд хацелі згуляць упэўнена, рэалізаваць свае магчымасці і даць суперніку бой. На жаль, мы выйшлі соннымі, далі апаненту шанец на перамогу, якім ён скарыстаўся. Нам закінулі, і гэтыя дваццаць хвілін прайшлі не так, як мы разлічвалі. Ведаем, што ў нас праблемы з другім перыядам, спрабавалі выправіць гэта, але не атрымалася. Трэці перыяд таксама пайшоў не па нашым сцэнары, супернік дамінаваў. Спрабавалі вярнуцца ў гульню, нават рэалізавалі большасць у канцы другой трэці. Але, як гэта бывае ў апошні час, ствараем сабе шанцы i не можам рэалізаваць, таму ў трэцім перыядзе таксама не атрымалася вярнуцца ў гульню. Мы расчараваныя вынікам.

– Першыя дзве шайбы былі прапушчаны пасля грубых памылак абаронцаў. З чым яны звязаны і як іх пазбегнуць?

– Што тычыцца першай шайбы, то там здарыўся памылковы пас ад брамніка абаронцу ў большасці. Трэба было знайсці іншае выйсце з сітуацыі. Тым не менш, шайба апынулася ў Граньянi, які меў некалькі варыянтаў. Ён мог згуляць па гульцу, але з усіх опцый абраў, магчыма, самую рызыкоўную. Разумею, што ён хацеў зрабіць, але гулец памыліўся. Думаю, ён хацеў бы адкруціць час і прыняць іншае рашэнне.

Калі казаць пра момант з Гатаўцом, у нас заўсёды ёсць устаноўка закідваць шайбу глыбока, каб спрабаваць завалодаць ёй ужо ў зоне суперніка. Памылка здарылася не ў Кірыла, а ў тым, што адбывалася да гэтага. Дрэнна правялі змену, і Гатавец атрымаў шайбу з абмежаванай колькасцю варыянтаў. Магчыма, ён выбраў не лепшы з іх, але сыграў, як мог. Хакеісты гасцей прачыталі сытуацыю і здолелі закінуць. Такіх памылак няма ў нашым наборы схем, па якіх мы граем. Увесь сезон стараемся гуляць больш дысцыплінавана. Ёсць пэўны прагрэс, але пакуль ён не такі вялікі, як нам хацелася б.

– Ці можна назваць гэты матч адным з горшых у сезоне?

– Не, я так не думаю.

– Апошняя хатняя перамога здарылася 13 лістапада ў гульні з «Віцязем». 10 студзеня гэтая каманда зноў будзе гасцяваць у нас. Ці ўдасца паўтарыць поспех?

– Мы заўсёды настроены толькі на перамогу, але зноў жа гэта не азначае, што «Віцязь» прыедзе 10-га чысла і зробіць усё для нашай перамогi. Ён прыедзе падрыхтаваным і зараджаным гуляць. Нам трэба згуляць строга па плане, але хутка і проста. У некаторых момантах жорстка. Тады ў нас абавязкова будзе шанец на перамогу.

– Ці магчыма, што ў бліжэйшых матчах Сяргей Касціцын, Дзмітрый Дзярабін і Стэфан Эліят вернуцца на лёд?

– На жаль, яны далёкія ад вяртання на лёд.

– Вы казалі, што беларускія брамнi павінны заслужыць месца ў складзе. Сённяшняй гульнёй Міхаіл Карнавухаў заслужыў яго на будучыню?

– Хачу ўдакладніць, што брамнiкi павінны заслужыць месца ў браме ў наступным матчы. Не казаў пра доўгатэрміновую будучыню. Што датычыцца наступнага матчу, пакуль не гатовы даваць каментароў. Трэба яшчэ раз перагледзець гульню, пагаварыць з Андрэем Мезіным і тады прыняць рашэнне.

 – Вы таксама казалі, што Дзмiтрый Баскаў даваў пасыл, што гульцы павінны заслужыць месца ў складзе на будучы год. Ці была такая размова з гендырэктарам наконт трэнерскага штаба, што ён таксама павінен заслужыць гэтае месца?

– Бачу, што вы спрабуеце агаліць вострыя куты. Лепшы чалавек, у якога гэта можна зрабіць, – гэта Дзмітрый Баскаў.

– Ці атрымалася Тэйлару і Карнавухаву замяніць Энрата, і ці задаволеныя вы іх гульнёй?

– У гэтым сезоне наша каманда, на жаль, неаднаразова падводзіла сваіх брамнікаў: дапускала памылкі, якія не давалі галкіперам раскрыцца і паказаць свой максімум. Гэта не пытанне да брамнікаў. Пакуль у нас не атрымліваецца выйграваць барацьбу на пятачку ля сваіх варот, але мы працуем над гэтым. Нашы галкiперы ў сезоне перыядамі паказвалі добрую гульню, але каманда не магла падтрымаць гэты парыў. Каб быў прагрэс, нам патрэбныя хлопцы, якія ўмеюць змагацца на пятачку. Працягваем працаваць над гэтым, набор вопыту ў працэсе.

– Ці плануе трэнерскі штаб у канцы сезону даць шанец іншым беларускім брамнiкам?

– Так, мы ўжо казалі пра гэта на мінулай прэс-канферэнцыі. Усе брамнiкi атрымаюць свой шанец. У гэтым сезоне ў кожнага з галкіпераў ёсць магчымасць даказаць, што менавіта ён годны быць у рамцы. Зараз мы адкрытыя для ўсіх брамнікаў. Яны павінны працаваць і быць падрыхтаванымі ўступіць у гульню ў любы момант.

– Шмат чуем, што памыляюцца гульцы. Наколькі вы задаволены сабой, якія дапусцілі пралікі ў гэтым сезоне, што прывялі да гэдакіх вынікаў?

– Так, безумоўна, Крэйг Вудкрафт – чалавек, і ён таксама робіць памылкі. У мяне ёсць бачанне, як каманда павінна рыхтавацца да матчаў, гуляць, што хакеiсты павінны выконваць на лёдзе. Строга веру ў гэта. Калі мы перамагаем, гэта азначае, што гульцы выдатна выканалі задуму трэнерскага штабу, калі прайграваем, то гэта агульная няўдача. Не толькі гульцоў, але і трэнерскага штабу. Паверце, кожны з трэнераў, і галоўны ў тым ліку, выносіць урокі пасля паразы. Аналізуе, дзе была дапушчана памылка. Намагаемся стаць лепшымі не толькі пасля перамог, але і пасля паразаў. Не магу сказаць, што я ідэальны чалавек і дзейнічаю беспамылкова. Кожны дзень намагаюся развівацца і развіваць гульцоў, каб перемагаць. Дакладна цяпер, мабыць, ёсць нейкая праблема ў распранальні, калі бачна, што гульцы адносяцца да паразаў абыякава. Такога быць не павінна. Ведаю, што такое перамога: як яна пахне і як здабываецца. Хачу вярнуць пераможную культуру ў распранальню «Дынама». Гэта сапраўды вельмі складана. Мы працуем. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.



К списку новостей

Другие новости рубрики
Последние новости других рубрик
Регистрация

Динамо-Минск
У вас уже есть аккаунт? Войти
Авторизация
Восстановление пароля
Впервые на нашем сайте?Пройти регистрацию