Новы нападаючы каманды «Дынама-Мінск» — 34-гадовы Джонатан Чычу — ужо паспеў пакарыць тысячы сэрцаў беларускіх заўзятараў хакея сваімі феерычнымі шайбамі і галявымі перадачамі. А нас ён у першую чаргу зацікавіў тым, што з'яўляецца першым і да гэтага часу адзіным індзейцам з племені кры, які выходзіў на лёд у афіцыйных матчах Нацыянальнай хакейнай лігі.
Джонатан — гэта англійскае імя, а як гучыць тваё індзейскае імя? — Я ведаю пра гэтую трады цыю, але ў мяне яго няма. Мяне з самага дзяцінства ўсе ў племені называлі Джонатанам. За тое маё прозвішча сапраўднае, індзейскае. І што яно азначае? — Нічога, проста прозвішча. Дарэчы, тваё дзяцінства прайшло не дзенебудзь, а ў сапраўднай рэзервацыі. — Так, я нарадзіўся ў не вялічкім гарадку Мус Фактары — правінцыі Антарыё. І рос, як і ўсе дзеці племені, збіраючы дары лесу — шматлікія ягады, а таксама дапамагаючы дарослым здабываць ежу праз традыцыйныя для індзейцаў паляванне і рыбалку. Але ў 14 гадоў маё жыццё карэнным чынам змянілася, бо я вырашыў пакінуць свой дом, каб пачаць прафесійна займацца хакеем. А чаму менавіта хакей? Умовы, у якіх ты вырас, былі не зусім спрыяльныя для гэтага: патрэбны прафесійная экіпіроўка, каток… Дзе ж іх узяць у рэзервацыі? — Сапраўды, я разам з сям'ёю жыў на прыродзе, у акружэнні лясоў. Мой дзед вельмі добры паляўнічы і ўсё сваё жыццё здабываў мех для розных кампаній. Я і сам у дзяцінстве марыў гэтым займацца, але потым хакей мяне цалкам захапіў. Я ж канадзец, а ў нас хакей — больш чым проста спартыўная гульня. Усе дзеці растуць на хакейных матчах. І я не выключэнне: усе члены маёй сям'і — актыўныя хакейныя заўзятары. Пры любой магчымасці я гуляў у яго на адкрытых пляцоўках, крок за крокам удасканальваючы сваё майстэрства. І калі нарэшце пачаў паказваць добрыя вынікі, вядомы гулец і трэнер Тэд Нолан, які, дарэчы, з'яўляецца першым індзейцам-хакеістам, а зараз трэніруе нацыянальную зборную Латвіі, параіў мне пакінуць рэзервацыю і пачаць займацца спортам прафесійна. А ці шмат індзейскіх плямёнаў зараз пражывае ў Канадзе? — Даволі шмат. Племя кры таксама не з маленькіх. У нашай рэзервацыі стала пражывае каля 2 тысяч чалавек, але на захадзе Канады маіх супляменнікаў нашмат больш. У паўсядзённым жыцці мы носім звычайную сучасную вопратку, але на святы апранаем выключна традыцыйныя строі, вырабленыя са скуры і меха дзікіх жывёл, упрыгажэнні з бісеру, а таксама знакамітыя галаўныя ўборы з пер'я арлоў. Новы час кідае выклік традыцыйным культурам. Як сёння жывецца індзейцам у тваёй краіне? — Усе вельмі хутка змяняецца. Тэлебачанне і Інтэрнэт зрабілі нас іншымі. Многія маладыя індзейцы пераязджаюць у вялікія гарады, бо не хочуць жыць у рэзервацыях, дзе досыць няпростыя ўмовы для жыцця і кожны дзень ты вымушан сам здабываць сабе ежу і весці гаспадарку. А іншыя, наадварот, нават ведаючы пра ўсе сучасныя выгоды, хочуць жыць як іх продкі, бліжэй да прыроды. І гэта вялікая праблема для нас: развівацца, ісці наперад, але пры гэтым не страціць сваю сутнасць, свае карані. А з іншага боку, мне хочацца, каб больш індзейскіх хлопчыкаў гуляла ў хакей і праз гэта праслаўляла свае плямёны на ўвесь свет. Цікава, а ці ўзнікаюць у карэнных жыхароў Канады канфлікты з прадстаўнікамі лясной аховы ці леснікамі? — Дзесьці, можа, такое часам і здараецца. Але ў асноўным індзейскія рэзервацыі знаходзяцца ў цяжкадаступных месцах, куды вельмі рэдка заходзяць звычайныя людзі. Індзейцы традыцыйна носяць з сабою разнастайныя амулеты. А ці ёсць ў цябе такія, якія дапамагаюць удала іграць у хакей? — Шмат людзей па ўсім свеце вераць у розныя талісманы ды амулеты. Але ў мяне такіх няма: у маёй сям'і гэта не было прынята. Тата мой наогул веруючы хрысціянін, таму, разумееце, у мяне адсутнічае вопыт зносін з рознымі духамі (усміхаецца. — Удакл. аўт.) А што наконт знакамітай трубкі міру? — Гэта больш распаўсюджана сярод плямёнаў, што жывуць на захадзе Канады. І, трэба заўважыць, яны яе выкарыстоўваюць нячаста і ў лячэбных мэтах. Я, напрыклад, ніколі не спрабаваў паліць. Карэнныя жыхары Амерыкі заўсёды вельмі паважліва ставіліся да прыроды. — Яны так паводзяць сябе і сёння. Мяне з дзяцінства вучылі паважаць зямлю і ўсё жывое і быць удзячным за тое, што яны дапамагаюць нам жыць, даюць ежу, вопратку і г. д. Напрыклад, калі ты ссёк дрэва, абавязкова пасадзі замест яго новае, а перад тым, як на паляванні забіць жывёлу, ты павінен папрасіць у яе прабачэння. І на каго ты любіш паляваць? — На лася. Яго мяса самае смачнае для мяне. За сваё жыццё я здабыў двух ласёў. Таксама кожную вясну я палюю на канадскіх гусей, а ўлетку займаюся рыбнай лоўляй. Калі ты быў маленькім хлопчыкам, аб чым марыў? — Самай запаветнай марай было калінебудзь пагуляць у НХЛ, і калі мне споўнілася 22 гады, яна здзейснілася: я трапіў у клуб «Сан-Хасэ Шаркс». Ты першы раз у Беларусі, якія твае ўражанні ад нашай краіны? — Мне тут падабаецца. Калі браць Мінск, то тут шмат адкрытай прасторы і вельмі прыгожыя гарадскія паркі і скверы. У тых жа гарадах Паўночнай Амерыкі іх не так часта сустрэнеш. Мы разам з маёй жонкай і трохгадовым сынам атрымліваем вялізную асалоду ад вашых паркаў. Наведваем мы і рэстараны з кавярнямі. Нават паспрабавалі традыцыйныя беларускія стравы. Яны, зразумела, моцна адрозніваюцца ад той ежы, да якой я прызвычаіўся, але досыць смачныя. Калі будзе больш вольнага часу, мабыць, пасля заканчэння сезона, я хацеў бы крыху павандраваць і адкрыць для сябе беларускую глыбінку: я ж вырас сярод лясоў і мне вельмі падабаецца прырода! «Белорусская лесная газета», № 37 (1007) 11 сентября 2014 г.