Меню
| ХК Динамо Минск
Новое в магазине
8 января 2014

Ларс Хаўген: я веру ў існаванне троляў

Галкіпер «Дынама-Мінск» адказаў на пытанні журналісткі «Лясной газеты» Арыны Сандовіч.

Ларс, ты ўжо даўно знаходзішся у нашай краіне, ці паспеў вывучыць колькі беларускіх слоў? - Мне хапае турбот з вывучэннем рускай мовы (смяецца). Адзін з нашых гульцоў, Алег Гарошка, няблага ведаў беларускую мову і нават спрабаваў навучыць мяне, але з мяне, як бачыце, атрымаўся дрэнны вучань… Для мяне, нарвежца, беларуская мова на слых гучыць вельмі меладычна і падобна на рускую. Як ты звычайна бавіш тут свой вольны час? - Я вельмі люблю наведваць розныя рэстараны і кафэ. У Мінску іх шмат — на любы густ. Дзякуючы гэтаму я змог паспрабаваць розныя беларускія стравы, якія прыйшліся мне даспадобы. У вольны час люблю гатаваць, асабліва нашы нацыянальныя стравы з рыбы. Дарэчы, у вашых крамах прадаецца вельмі неблагі нарвежскі ласось, які я выкарыстоўваю і лічу самай смачнай рыбай у свеце. У Мінску яшчэ шмат казіно і розных забаўляльных клубаў. Ці спрабаваў ты гуляць не толькі на лёдзе, але і за суконным сталом? - Я ведаю пра гэта, але прынцыпова не заходжу ў месцы такого кшталту. Справа ў тым, што ўлетку я наведаў Лас-Вегас і, зразумела, не абышлося без самай галоўнай славутасці гэтага гораду — казіно. Я трошкі пагуляў у покер, але толькі прайграў грошы. Больш не цягне спрабаваць. Якое ўражанне ў цябе склалася ад беларусаў? -Вы мне сапраўды падабаецеся. Беларусы — вельмі пазітыўныя і ветлівыя. І, як і ўсе паўночныя людзі, мы з вамі шмат у чым падобныя па характары. Твая сям’я ўжо наведвала цябе тут? - Так, яны нядаўна былі ў Мінску: спецыяльна прыехалі, каб падтрымаць нашу каманду. На працягу пяці дзён я паказваў бацькам сталіцу, дзе яны ніколі яшчэ не былі. Ім усё вельмі спадабалася, асабліва ўразілі незвычайная форма будынка Нацыянальнай бібілятэкі і вячэрні Мінск, які мае такую прыгожую ілюмінацыю. Твая дзяўчына засталася ў Нарвегіі. Ці не страшна ёй было адпускаць цябе надоўга ў краіну, якая славіцца прыгожымі жанчынамі? - Самае галоўнае, што мы давяраем адзін аднаму. Для кожнага з нас вельмі важна тое, чым мы займаемся ў прафесійнай сферы. Пакуль мы не зусім гатовыя да стварэння сям’і, але калі гэты час надыдзе, будзем нешта вырашаць: альбо яна пераедзе да мяне ў Мінск, альбо я знайду сабе іншы варыянт працы ў Нар- вегіі. Зараз у нас добрае жыццё, мы шчаслівы і шмат грошай трацім на тэлефонныя размовы. Ларс, а што твае суайчыннікі навогул ведаюць пра Беларусь і яе жыхароў? - Звычайныя нарвежцы, на жаль, нічога не ведаюць пра вашу краіну — для іх яна асацыіруецца з Расіяй ці СССР. Таму вельмі добра, што вы будзеце праводзіць чэмпіянат свету па хакеі — 2014. Дзякуючы яму людзі ва ўсім свеце даведаюцца больш пра Беларусь. Калі я вяртаюся дадому, шмат хто пытае ў мяне, як мне тут жывецца. І я вельмі рады, што ў мяне ёсць такая магчымасць расказаць як мага большай колькасці сваіх суайчыннікаў, якая цудоўная краіна Беларусь. Звычайна я кажу: «Прыязджайце і ўсё пабачыце на свае вочы». Шмат хто ўжо пакуе чамаданы (усміхаецца). Паколькі ты з’яўляешся членам нацыянальнай зборнай Нарвегіі, а гуляеш у Мінску, табе нават не прыйдзецца нікуды ехаць на чэмпіянат у маі. - Так, буду стаяць у аэрапорце з вялікім нарвежскім флагам і вітаць прыезджых нарвежцаў. Як ты ацэньваеш шансы сваёй зборнай на чэмпіянаце? - Спачатку трэба яшчэ выступіць на Алімпіядзе ў Сочы. Вось такі сур’ёзны старт перад чэмпіянатам свету. Але мяркую, мы выступім лепш, чым у мінулым годзе, калі згулялі не так добра, як планавалі. Нам пакуль цяжка мерацца сіламі з такімі хакейнымі славутасцямі, як Швецыя ці Канада. Талісманам чэмпіянату абраны зубр Волат, як ён табе? - Вельмі круты і я бачу яго паўсюль, нават на аздабленнях для навагодняй ёлкі. А жывых зуброў бачыў? - На жаль, не. Але ў маіх планах наведаць Белавежскую пушчу. Дарэчы, па Беларусі я шмат павандраваў, калі гуляў яшчэ ў Салігорску. Памятаю, ездзілі ў Магілёў, Брэст, Гродна. Нягледзячы на тое, што тут няма гор ды фіёрдаў, ваша прырода чымсьці падобная на нашу. Таксама сцюдзёна ўзімку і вельмі шмат лясоў: толькі выязджаеш з горада — і адразу адкрываюцца захапляючыя краявіды. Таму па Нарвегіі я тут не надта сумую. Я — звычайнае гарадское дзіцё: нарадзіўся ў Осла, але мае бацькі з маленькіх гарадкоў, дзе шмат лясоў і цудоўная прырода. Мне падабаецца, што ў нас вельмі распаўсюджаны драўляныя дамы, якія экалагічныя і карысныя для здароўя чалавека. Мой дзед, дарэчы, быў лесарубам, і калі ў нас будавалі чыгунку, яму трэба было валіць шмат дрэў. Наколькі мне вядома, рыбная лоўля — адзін з самых любімых заняткаў нарвежскіх мужчын. - Так, а яшчэ паляванне. Сам я ніколі не паляваў, бо мы з бацькам заўзятыя рыбакі. Вось мару паехаць на поўнач Нарвегіі, дзе столькі рыбы, асабліва ласося, што рыбаку нават можна не прыкладаць асаблівых намаганняў, каб вылавіць велічэзную рыбіну! Але Нарвегію яшчэ часта клічуць краінай троляў. - Сапраўды, у нас на кожным кроку з імі сустракаешся. Іх выявы стаяць у парках і каля дамоў. З самага дзяцінства, калі мы едзем да майго дзядулі, я заўсёды, нават цяпер, прашу сваіх бацькоў спыніць машыну каля знакамітага Парка троляў, каб палюбавацца імі. Вялікія і маленькія, добрыя і злыя тролі з каменя ці дрэва сустракаюць вас там. Да гэтых міфічных істотаў мы адносімся сур’ёзна. Тое, што я скажу зараз, у многіх выкліча ўсмешку, але я, як і многія нарвежцы, сапраўды веру ў іх існаванне. Ад сваіх знаёмых і родных я чуў шмат гісторый пра сустрэчу людзей з імі. У нашай міфалогіі тролі — гэта жахлівыя істоты, якіх можна ўбачыць у глухім лесе ці ў гарах. Звычайна яны не вельмі добра ставяцца да чалавека і могуць яму моцна нашкодзіць, нават забіць. Іх вобраз досыць распаўсюджаны і ў сучаснай культуры Нарвегіі часта сустракаецца ў мультфільмах і кінастужках. Мой дзед, напрыклад, намаляваў выяву троляў у сталовай свайго дома, і яе мы клічам не іначай, як пакой троляў. Калі варатар дрэнна выконвае свае абавязкі і прапускае адну шайбу за адной, нашы фанаты звычайна абяцаюць зрабіць з яго мыла. А чым пагражаюць нарвежскія фанаты варатарам? - Ну, звычайна проста крычаць: «Вон з клуба!» А так у нас распаўсюджаны выраз «прапусціць варатара праз друшляк». У ХК «Дынама-Мінск» шмат заўзятараў, яны нават дораць сваім любімым гульцам розныя падарункі. - Так, я вельмі ўражаны імі, шчыра кажучы, яшчэ ніколі я не бачыў такіх адданых фанаў. Пасля кожнай гульні, нават калі мы прайгралі, я атрымліваю розныя падарункі — малюнкі, шакаладкі ад дзяцей і дарослых. Гэта так кранальна! І мы будзем імкнуцца выкладвацца на лёдзе, бо нашы фаны гэта заслужылі! http://www.lesgazeta.by/

К списку новостей

Последние новости других рубрик
Регистрация

Динамо-Минск
У вас уже есть аккаунт? Войти
Авторизация
Восстановление пароля
Впервые на нашем сайте?Пройти регистрацию